Як і ўсе з 1990-х, я ведаю, што такое тэлевізар без пульта і дыскета, жыццё без мабільнага тэлефона, падарожжа без gps
У той жа час, я адчуваю сябе зручна з гаджэтамі, амаль не пішу папяровых лістоў, і цярпліва тлумачу дзядулі-фізіку як карыстацца найноўшымі дэвайсамі. Як і людзі XXI стагоддзя, я ахвотна гляджу шчодра ілюстраваныя матэрыялы і, выбіраючы паміж вельмі доўгім артыкулам і відэа па той жа тэме, я абяру відэа.
Калі я назірала за тым, як вывучае гісторыю мой малодшы брат, я падумала: а калі б гісторыя была больш персаналізавана? Калі б пра падзеі мінулага ён пазнаваў з інтэрнэт-старонкі, як быццам гуляючы ў гульню? Калі б жыццёвыя гісторыі розных людзей выглядалі як часткі пазла?
Я шукала герояў, пераважна людзей адыходзячага пакалення. Тых, хто перажыў Другую Сусветную вайну і яшчэ захаваў некаторыя ўспаміны. Амаль ніхто з іх не напісаў мемуараў, але кожнаму ёсць што расказаць. А ў мяне ёсць пытанні, нататнік і камера.
Калі вы спытаеце, як пераадолець прорву паміж пакаленнямі, я адкажу – мультымедыйна.
Тэрмін "мультымедыя" наша даследаванне тлумачыць двухмерна. З пазіцыі інструментаў, мультымедыя – гэта спалучэнне розных відаў медыя, калі паведамленне складзена як графічнымі сродкамі (тэкст, фотаздымкі), так і гукавымі, аўдыявізуальнымі.
Мультымедыйныя паведамленні паўсталі ў Сеціве, таму што толькі анлайн-асяроддзе стварыла ўсе ўмовы, прыдатныя да суіснавання розных формаў медыа ў адным паведамленні.
Другое вымярэнне мультымедыя – кагнітыўнае. Кожны чалавек мае сваі асаблівасці ў тым, як ён успрымае інфармацыю. З кагнітыўнай пазіцыі, мультымедыя – гэта спосаб стварэння сувязі, які падштурхоўвае да ўзаемадзеяння і ўзнікнення новых сувязяў.
Гэта працэс пастаяннага адраджэння і інтэрпрэтацыі. Гэта гульня, пры дапамозе якой мы абменьваемся сэнсамі, даведваемся пра новае і хочам большага.
Пазнавальны, ці кагнітыўны змест мультымедыя мае на мэце нагадаць чалавеку, чаму ён з'яўляецца істотай сацыяльнай, і чаму ў зносінах развіваецца і індывід, і цывілізацыя.
Наша даследаванне прапануе выкарыстоўваць спалучэнне двух аспектаў мультымедыя для таго, каб не ацэньваць аднабакова пытанне, як наладзіць сувязь паміж рознымі пакаленнямі, і, галоўнае, – адносіны сучаснага маладога чалавека са светам. Варта заўважыць, што камунікацыя – гэта перш за ўсё сувязь, a сувязь немагчыма без канала, пасрэдніка, медыўма.
Класічная тэорыя камунікацыі Пітэрса вылучае дзве мадэлі: дыялог і рассейванне. Мадэль рассейвання выразна прасочваецца у біблейскай прытчы пра сейбіта. Тры зярняткі трапілі ў розныя ўмовы, адпаведна, гэта паўплывала на далейшыя падзеі. Адпраўнік інфармацыі накіраваў паведамленне наўпрост ў асяроддзе – гэта перавага. На гэтым працуе ўвесь комплекс сродкаў масавай інфармацыі. Рэакцыю аўдыторыі можна спрагназаваць і часткова адсачыць. Аднак карціна ніколі не будзе поўнай. Рассейванне не здольна ўлічыць усе падрабязнасці. Гэта можа дыялог. І больш асобасны падыход.
Тэарэтыкі навукі аб камунікацыі не вылучаюць трэцяга, а практыкі сферы медыя і камунікацый пастаянна натыкаюцца на праблему – як зрабіць працэс зносін максімальна эфектыўным? Бо ёсць два важныя складнікі працэсу абмену паведамленнямі: ўзаемасувязь і паразуменне.